«Нашы людзі». Галоўны бухгалтар Асіповіцкага УКП ЖКГ развенчвае міфы аб сваёй прафесіі
У працы спецыялістаў любога накірунку ёсць свае міфы.
Міф 1. “Бухгалтэрыя – гэта сухая і нецікавая справа, суцэльнае маніпуліраванне лічбамі і маса руцінных паперак”
– Вельмі люблю сваю работу за тое, што заўсёды бачыш яе вынікі, выражаныя ў найбольш дакладнай форме. І зусім яна не сумная. Бо лічбы гэтыя не проста графічныя знакі, а паказчыкі работы мноства людзей. Заўсёды радуе, калі гэтыя вынікі добрыя.
З лікамі любіла працаваць заўсёды. Матэматыка была адной з любімых школьных дысцыплін. Калісьці бацька працаваў старшынёй калгаса на Клічаўшчыне. Пасля ўрокаў часценька забягала да яго ў праўленне, вельмі любіла назіраць за тым, як зладжана працуюць там бухгалтары, рахункаводы. І калі пасля школы выбірала паміж медыцынай – мамінай сферай – і бухгалтарскай справай, другая пераважыла. Падабалася вучыцца і ў Бабруйскім тэхнікуме, і ў Горацкай акадэміі. І зараз задаволена, што калісьці зрабіла правільны выбар.
Міф 2. “Бухгалтар не мае права на памылку, яго работа рызыкоўная, яна дастаўляе адны толькі клопаты”
– Так, бухгалтарская справа даволі адказная, патрабуе ўмення канцэнтравацца, уважлівасці, дакладнага выканання нарматыўных патрабаванняў. Рознае здараецца ў працэсе работы, але, калі штосьці не сходзіцца, неабходна спакойна ўсё абдумаць, пералічыць яшчэ раз і заўсёды знойдзецца правільнае рашэнне. Галоўнае – не спяшацца і не панікаваць. Дапамагае і тое, што калектыў УКП ЖКГ вельмі з’яднаны, працаваць у ім адно задавальненне, бо склаліся цудоўныя ўзаемаадносіны службаў і ўсе пытанні ў нас рашаюцца.
Міф 3. “Прафесія бухгалтара статычная. У ёй ніякага развіцця”
– Гэта зусім не так. У прафесійным плане разам з калектывам бухгалтэрыі, – а гэта 11 чалавек – пастаянна ўдасканальваем веды і ўменні, вывучаем новыя заканадаўчыя дакументы. Знаёмімся з публікацыямі галіновых часопісаў. Абменьваемся вопытам з калегамі, удзельнічаем у вебінарах. Ствараем алгарытмы для праграміста, які затым забяспечвае нас неабходнымі праграмамі.
Ды і ў планах кар’еры кожнаму ёсць куды расці. Я, напрыклад, працавала некалькі гадоў бухгалтарам, затым вядучым бухгалтарам, у 2004 годзе была прызначана намеснікам галоўнага бухгалтара, а год таму ўзначаліла бухгалтарскую службу.
Яшчэ з 2016 года, пасля таго, як у склад УКП ЖКГ увайшоў “Райсэрвіс” і аб’ёмы работ значна выраслі, прыйшлося перастройваць сваю работу, асвойваць бухгалтарскае суправаджэнне абслугоўвання жыллёвага фонду, дваровых тэрыторый, абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адыходамі і іншыя напрамкі дзейнасці. Так што работу нашу лічу вельмі дынамічнай.
Міф 4. “Бухгалтары – сумныя людзі, якіх цікавяць толькі цыркуляры, справаздачы, баланс і аўдыт”
Гэты міф Алена Сяргееўна развейвае сваім ладам жыцця, паводзінамі. Безумоўна, калі ёсць вытворчая неабходнасць, яна і пасля работы застанецца або ў выхадны дзень папрацуе, каб своечасова закрыць абаротку ці падрыхтаваць справаздачу, але за межамі работы ператвараецца ў мілую абаяльную жанчыну, любячую жонку і матулю з вялікім колам стасункаў, цікавымі захапленнямі.
Напрыклад, вырабляе букеты з фаамірану і стужак, дэкаратыўныя кошыкі ў падарунак родным і блізкім, а дачцэ на вяселле ўласнаручна вырабіла ўвесь дэкор для ўпрыгожвання залы і нават букет нявесты. Любіць завіхацца на дачы, даглядаць сабаку. А яшчэ гэта цікавы суразмоўца і, як трапна ахарактарызаваў Алену Сяргееўну галоўны інжынер прадпрыемства Ігар КАЗАЧОНАК: “Эталон спецыяліста і калегі. За чвэрць стагоддзя работы на прадпрыемстве ні разу не стварыла прадпасылак для канфлікту, ці, калі выражацца тэхнічнай мовай, яна ўмее своечасова выяўляць пагрозы і папярэджваць рызыкі”, піша «Асіповіцкі край».