“Беларусь мая сінявокая”: творчая выстава старшыні прафкама Фабрыкі мастацкіх вырабаў 19 лютага адкрываецца ў Магілёве
Выстава работ з лёну Вольгі СЫЦІКАВАЙ, старшыні прафкама Магілёўскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, адкрыецца 19 лютага ў 14.00 у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Творчае мерапрыемства пад назвай «Беларусь мая сінявокая» увайшло ў праграму рэгіянальнага семінара-практыкума «Тэндэнцыі развіцця беларускага народнага касцюма».
На выставе будуць прадстаўлены работы, выкананыя з лёну – пано з нацыянальнай сімволікай, лялькі ў традыцыйных беларускіх строях, анёлачкі, фігуркі жывёл, вымпелы, дэкаратыўныя сурвэткі, сюжэтныя кампазіцыі і многае іншае.
Вольга СЫЦІКАВА пачала сваю творчую дзейнасць 30 гадоў таму. За гэты час яна ўвайшла ў лік самых яркіх рамеснікаў Магілёўшчыны і атрымала званне народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Ужо доўгі час яна працуе на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў мастаком народна-мастацкіх промыслаў – распрацоўвае новыя віды сувеніраў з лёну і саломкі. У 2008 годзе Вольга СЫЦІКАВА ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Яе працы можна ўбачыць на шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах, кірмашах, фестывалях.
За трыццацігадовы творчы перыяд ёю было распрацавана і ўкаранёна ў вытворчасць больш за 3 тысяч новых вырабаў, у лік якіх увайшла вялікая калекцыя сувеніраў да традыцыйных абрадавых і сельскагаспадарчых святаў – «Купалле», «Каляды», «Дажынкі».
Выстава будзе доўжыцца 2 тыдні.